Запрашаем калі ласка!

Intro Pic

ТЭМАТЫЧНАЯ РУБРЫКА: КАХАННЕ
Аднойчы… Аднойчы дарога мая з небакраем зліецца. І голас, і позіркі й крок адвяслуюць у далеч. А тут застануцца-ўнатуюцца ў памяць Айчыны даспелыя словы - кахання, люботы, прызнання. А тут застанецца пазнака прамудрае моцы - любові-яднання, памкнення пачуць, адшукаць, прыласкавіць адзінага птаха ў далёкай вандроўцы жыццёвай - душу, што ляцела насустрач табе праз эпохі. Наблізімся разам да Вострае Брамы пазнання. Пакутай і болем заплацім за хвілі ўзвышэння. І нашыя рукі, і нашыя прагныя вусны, і нашых вачэй закаханых святая яснота над Краем, над светам, над векам узыдуць Сімфоніяй Ладу…

Няхай замятаюць завеі сляды павяртання. Няхай зажурбуе расстанна ссівелая восень. Мы тут прамаўлялі да Сонца, да сэрца - у чуйную прышласць маленне прачыстае Жыць на Шляху да Кахання. Мы тут пакідаем зярняты - прасветлыя зоры - Пяшчоты адчайнай і Пошуку гойнага звязу. Мы згэтуль, з Радзімы крывіцкай, гаворым, што ёсць на "планеце людзей" стараладная мова, якая вястуе Любоў-чараванне ў бязмежнасць. Якая Сусвету прарочыць Прышэсце кахання…

А.Хатэнка, "Роднае слова", №3 1996 г.

У раздзеле ў якасці ілюстрацый выкарыстаны ўзоры беларускага арнаменту, праз якія нашы продкі адвечна імкнуліся выказаць сваё разуменне жыцця, свету, космасу, кахання.

 


Бывай…

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне,
што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго,
якому ружавець.

Ці помніш
першае нясмелае прызнанне?..
А ў небе жаўранкам
звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой
і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая,
пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая,
пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты,
што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай
гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла,
пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль
смугой акутаных дарог,
Каб я, хвілінны боль
і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы
заглушыць сваім не мог.

Пайшла,
ніколі ўжо не вернешся, Алеся,
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых,
а з паднябесся
Самотным жаўранкам
звініць зялёны май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз
панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго
заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

А.Куляшоў


Я не вымольваў слоў пяшчотных…
Як дождж
да смяглае раллі,
Яны прыходзяць незваротна
На грэшнай і святой зямлі.

Іх нараджэння таямніца
Непадуладна адкрыццю.
Бруіць тваёй душы крыніца
Насустрач спешнаму жыццю.

І дзівіць дар яе мілосці,
На свет выносіць дзень пры дні
Святло глыбіннай прыгажосці,
Пясчынкі ціхай дабрыні.

Жыццё свой круг
імкліва вершыць,
Ды застаецца вечны шлях,
І шэпт,
і пацалунак першы
На разгарачаных губах.

Твой спеўны голас не сціхае,
З'яднаў ён неба і зямлю.
Жыву,
пакутую,
кахаю
І праз цябе ўвесь свет люблю.

С.Законнікаў